14–21 кастрычніка – Тыдзень бацькоўскай любові
4 лістапада 2026 года № 9 (1338)
ШЧАСЦЕ, ПАМНОЖАНАЕ НА ТРЫ
Святкаванне Тыдня бацькоўскай любові ў нашай краіне – яскравы прыклад сучаснай ініцыятывы, якая адразу ж знайшла самы шчыры водгук у грамадстве, набыла папулярнасць і стала цудоўнай традыцыяй. Сёлета яе ў чарговы раз з актыўнасцю і імпэтам падтрымалі ў БДПУ. З 14 па 21 кастрычніка студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта былі задзейнічаны ў вялікай колькасці мерапрыемстваў, прымеркаваных да святочных дат. Валанцёры БДПУ правялі канцэртныя праграмы, тэатральныя выступленні і майстар-класы для выхаванцаў дзіцячых садоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў, пансіянатаў і аздараўленчых устаноў. На факультэтах, у інстытутах прайшлі дыскусійныя пляцоўкі, сустрэчы, акцыі, выстаўкі. Падчас іх абмяркоўваліся такія важныя тэмы, як роля духоўнасці і традыцыйных каштоўнасцей у захаванні і ўмацаванні сям’і, узаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі, пераемнасць пакаленняў, рэпрадуктыўнае здароўе і ўсвядомленае бацькоўства, дзяржаўная падтрымка моладзі. Большасць выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДПУ пабудавалі ўласныя сем’і, з’яўляюцца бацькамі і не па чутках ведаюць пра важнасць узнятых тэм. Тым больш цікава было ў межах святочнага тыдня пагутарыць з героямі, чыё шчаслівае шматдзетнае бацькоўства стала лагічным працягам лёсавызначальных знаёмстваў у alma mater.
Марыя Аляксандраўна ШЫМАН, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, паступіла ў БДПУ ў 2009 г. і адразу прыйшла ў народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй». Тады першакурсніца факультэта эстэтычнай адукацыі яшчэ не ведала, што праз год сустрэне тут свайго будучага мужа – удзельніка гэтага ж калектыву.

– Летам наш ансамбль рыхтаваўся да паездкі ў Іспанію, якраз у той перыяд я і пазнаёмілася з Васілём. Тады ён толькі-толькі вярнуўся з арміі, у якой адслужыў пасля заканчэння нашага ўніверсітэта. Можна сказаць, у нас было каханне з першага погляду, і з таго часу мы і не расставаліся. Адразу дзвюма важнымі падзеямі для нашай сям’і адзначаны 2015 год: мы ажаніліся і ўпершыню сталі бацькамі – у нас нарадзіўся сын Сцяпан. А яшчэ праз паўтара года мы ўжо былі з двума хлапчукамі: у студзені на свет з’явіўся Цімафей.
Да таго, як мне прапанавалі пасаду выкладчыка ў БДПУ, я працавала балетмайстрам у «Рэі». Ідэя стаць педагогам універсітэта мяне захапіла – я пагадзілася. Прызнаюся, было няпроста: старэйшы сын толькі пайшоў у сад і пачаў адаптавацца, малодшы ж яшчэ і да садка не дарос… Аднак пры падтрымцы майго мужа і бацькоў я не толькі не апусціла рукі, але і паступіла ў магістратуру. Пры гэтым мы з Васілём яшчэ і не пераставалі быць удзельнікамі ансамбля, а ў лістападзе 2022-га ў трэці раз зведалі радасць бацькоўства: у нас нарадзілася дачушка Варвара. Так за адзінаццаць гадоў наша сям’я стала не проста шчаслівай, але і шматдзетнай.
Сёння старэйшы сын сям’і Шыманаў вучыцца ў 6-м класе, сярэдні – у 4-м. Сцяпан наведвае таксама музычную школу па спецыяльнасці «Ударныя інструменты», дадаткова асвойвае ігру на гітары, з’яўляецца ўдзельнікам Узорнага аркестра народных інструментаў «Лявоніха». Цімафей займаецца грэка-рымскай барацьбой, захапляецца футболам, і гэтую любоў да спорту з ім падзяляе і брат. Ну а ў малодшай, Варвары, з дадатковых заняткаў пакуль толькі гурткі ў дзіцячым садку. Справіцца з усімі клопатамі і патрэбамі вялікай сям’і без падтрымкі няпроста. І хоць асноўная нагрузка, вядома, ляжыць на бацьках, усё ж прыемна адчуваць і дапамогу з боку:
– Час ад часу нас выручаюць бабулі і дзядулі. Бацькі мужа ўжо на пенсіі і заўсёды гатовыя прыняць унукаў – улетку дзеці заўсёды гасцююць у іх. Мае ж бацькі працуюць, таму часцей іх дапамога заключаецца ў падстрахоўцы, калі трэба прыгледзець за дзецьмі ўвечары ці на выхадных. Адчувальная і падтрымка дзяржавы: жыллёвыя, крэдытныя і падатковыя льготы шматдзетным сем’ям. На кожнага школьніка – аднаразовая выплата да новага навучальнага года, бясплатнае харчаванне ў пачатковых класах, 50-працэнтная зніжка за карыстанне падручнікамі, вызваленне ад аплаты ў дзяржаўных школах мастацтваў і інш. Ва ўніверсітэце пра шматдзетныя сем’і клапоціцца і прафсаюз: выдзяляе матэрыяльную дапамогу, прапануе білеты на навагоднія прадстаўленні. Усё гэта – прыемныя бонусы, якія дапамагаюць бацькам выхоўваць і забяспечваць усім неабходным сваіх дзяцей.
Часам мяне пытаюць, як можна ўсё паспяваць. Скажу шчыра, пры такім тэмпе жыцця няма калі і падумаць пра тое, што ты стаміўся ці нешта ўпусціў. Мы з мужам імкнёмся спраўляцца з сямейнымі абавязкамі разам, заўсёды і ва ўсім падтрымліваем адзін аднаго – у выхаванні дзяцей, бытавых справах, а часам і ў працы. Вельмі важна, каб у сям’і былі ўзаемапавага, паразуменне, любоў і сяброўства, і мы стараемся гэта зберагчы і памножыць.
І прафесійная, і сямейная гісторыя наступнага героя гэтага матэрыялу, дацэнта кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта А.М. МІХАЛКОВІЧА, пачалася ў сценах alma mater. У 2005 г. Алег Міхайлавіч скончыў фізічны факультэт БДПУ і пачаў педагагічны шлях у СШ № 6 г. Бабруйска. Наступнай прыступкай кар’ернай лесвіцы сталі навучанне ў магістратуры і далейшая настаўніцкая праца. Аднак спыняцца на дасягнутым малады спецыяліст не збіраўся і ў хуткім часе не толькі атрымаў у родным універсітэце чарговы дыплом, але і знайшоў спадарожніцу жыцця:
– З маёй будучай жонкай мы пазнаёміліся, калі абое навучаліся ў аспірантуры БДПУ. Наталля таксама, як і я, працавала ў школе – была настаўніцай пачатковых класаў, а рэалізацыю навуковых планаў звязвала са спецыяльнасцю «Псіхалогія». Напрыканцы навучання мы ажаніліся, і паступова сям’я стала расці – у нас нарадзілася дачушка Маргарыта.
Я працягнуў працу над дысертацыйным даследаваннем, а жонка скіравала сілы і прафесійныя веды на мацярынства. У гэтым сэнсе Маргарыта Алегаўна і ёсць яе «кандыдацкая дысертацыя». Адзначу, што мае бацькі са шматдзетных сем’яў, а ў саміх – толькі я і мая сястра. У мяне атрымалася выправіць гэтую «недапрацоўку», і лічу, што справіўся з задачай даволі прыгожа: у 2017 годзе на свет з’явілася другая дачка – Мар’яна, а неўзабаве сям’я папоўнілася яшчэ адным Міхалковічам – у нас нарадзіўся сын Ілья.
Аналізуючы свой бацькоўскі вопыт і разважаючы пра настаўніцкую прафесію, Алег Міхайлавіч падзяліўся цікавымі назіраннямі:
– Неяк нядзельнай раніцай адпачывалі з жонкай, а дачушка (на той час адзіная) зрабіла з кардону настаўніцкую дошку, намалявала на ёй штосьці і, карыстаючыся нажніцамі як указкаю, пачала нам тлумачыць свае каракулі. Мы здзівіліся, бо ў школу на той час яна яшчэ не хадзіла, і дзе магла бачыць такія ўрокі, так і не зразумелі. Пасля тое ж паўтаралася з малодшымі дзецьмі. І выснова, што настаўніцкія гены выяўляюцца самі сабою, зрабілася быццам бы відавочнай. Справа ў тым, што мая бабуля вучылася ў БДПУ (у той час – МДПІ імя А.М. Горкага) яшчэ 80 гадоў назад. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яна была першакурсніцай факультэта беларускай філалогіі, а пасля ўсё жыццё выкладала ў школе мову і літаратуру. Адзін з яе сыноў, мой родны дзядзька, таксама стварыў сям’ю педагогаў. Вось і атрымліваецца, што мы з жонкай – трэцяе пакаленне, якое працягвае гэтую выдатную традыцыю. Калі ў мяне пытаюць, ці выгадна з матэрыяльнага пункту гледжання быць настаўнікам, я адказваю: чым бы ні займаўся, трэба рабіць гэта прафесійна, на высокім узроўні, старанна працаваць і ўвесь час развівацца, расці, імкнуцца да новых ведаў. Тады будуць і павага, і грошы, і задавальненне – ад працы і ад жыцця.