2026 – Год беларускай жанчыны

2 кастрычніка 2026 года № 8 (1337)

НАСТАЎНІКІ ПА ДЫПЛОМЕ, ЛІДАРЫ ПА ЖЫЦЦІ

Дзень настаўніка, які ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, – асаблівая дата для ўсяго калектыву БДПУ. У адрас выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, а таксама выпускнікоў нашага ўніверсітэта прыходзяць заслужаныя віншаванні, шчырыя кампліменты, цёплыя словы падзякі за самаадданую працу, чуласць, уважлівасць, падтрымку… Аднак ці можа нехта адчуць значэнне гэтага свята так глыбока і аб’ёмна, як той, хто сам некалі выбраў педагагічны шлях? Хто больш за іх здатны ў поўнай меры ацаніць важнасць і неабходнасць гэтай высакароднай прафесіі, хто зможа падабраць самыя кранальныя словы, каб апісаць сваю ўдзячнасць alma mater і людзям, якія спрычыніліся да атрымання профільнай адукацыі? Бясспрэчна, самі прадстаўнікі педагагічнай супольнасці: некалі студэнты, а зараз выпускнікі БДПУ, паспяховыя і запатрабаваныя спецыялісты, людзі, якія не па чутках ведаюць, што быць настаўнікам – вялікая адказнасць і вялікі гонар. Іх разважаннямі напярэдадні свята мы ахвотна дзелімся з чытачамі.

«Асноўным складнікам поспеху была і застаецца якасць атрыманай адукацыі»

– Набліжаецца наша прафесійнае свята – Дзень настаўніка. На маю думку, асноўным складнікам поспеху была і застаецца якасць атрыманай адукацыі. Па яе і ідуць у БДПУ: універсітэт за сваю больш чым 110-гадовую гісторыю даў пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню беларускіх педагогаў, якія валодаюць багатым творчым патэнцыялам і вялікай працавітасцю.

Амаль сорак гадоў маёй прафесійнай дзейнасці звязаны з пачатковай адукацыяй. Прайшоўшы доўгі шлях ад маладога спецыяліста да кандыдата педагагічных навук і аўтара вучэбна-метадычных комплексаў па навучанні грамаце, магу з упэўненасцю сказаць: фундамент майго поспеху ў прафесіі быў закладзены высокім узроўнем вышэйшай адукацыі, атрыманай у гады вучобы на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання МДПІ імя А.М. Горкага (цяпер – факультэт пачатковай адукацыі БДПУ). Дзякуй роднаму факультэту за гэтую трывалую аснову, якая дазваляе кожнаму выпускніку раскрыць свой талент на ніве настаўніцтва.

З першых дзён вучобы я зразумела, што зрабіла правільны выбар. Нашы педагогі не толькі шчодра дзяліліся са студэнтамі сваім багатым вопытам. Яны развівалі ўменне самастойна (без дапамогі інтэрнэту і штучнага інтэлекту, якіх у тыя гады не было) мадэляваць якасныя заняткі па ўсіх вучэбных прадметах, імкненне пастаянна папаўняць свой багаж ведаў, творча прымяняць вядомыя прыёмы навучання і не баяцца эксперыментаваць. Разам мы вучыліся шукаць нестандартныя рашэнні, распрацоўваць творчыя заданні для навучэнцаў, аналізаваць урокі і прапаноўваць свае варыянты іх правядзення. Усе гэтыя навыкі дазволілі мне адчуваць сябе ўпэўнена пры падрыхтоўцы і правядзенні сваіх першых самастойных заняткаў у якасці настаўніка пачатковых класаў. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю выкладчыкаў нашага факультэта: А.І. Андаралу, А.В. Вернікоўскую, С.Ф. Гагарыну, В.М. Данілава, А.А. Сізага і вельмі многіх іншых. Сваім прыкладам яны вучылі нас любіць сваю прафесію, свой прадмет, сваіх вучняў, бачыць і разумець кожнае дзіця.

Самае галоўнае пажаданне нашых выкладчыкаў, засвоенае падчас студэнцтва, – «Настаўнік павінен сам вучыцца ўсё сваё жыццё» – стала маім прафесійным дэвізам. Сапраўдны педагог можа ствараць, прывіваць дзецям любоў да ведаў толькі тады, калі сам увесь час расце і развіваецца. Заўсёды з радасцю выкарыстоўваю любую магчымасць вучыцца – на курсах, семінарах, вэбінарах і, вядома, самастойна. Так, у 2006 г. у БДПУ я абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фарміраванне ўменняў вучэбнай дзейнасці ў малодшых школьнікаў», летась скончыла навучанне ў дактарантуры Акадэміі адукацыі і рыхтую да абароны дысертацыю, прысвечаную навуковай распрацоўцы лінгва-метадычнай сістэмы навучання грамаце.

У гады вучобы ў БДПУ выкладчыкі заклалі яшчэ адну важную звычку – звяртацца да актуальных перыядычных выданняў, чытаць навукова-метадычныя часопісы, каб быць у курсе найноўшых перадавых тэхналогій навучання і выхавання малодшых школьнікаў. Прафесійная перыёдыка – скарбніца інавацыйнага педагагічнага вопыту і найноўшых навуковых дасягненняў. «Быць побач, быць разам, весці за сабой» – дэвіз часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа», галоўным рэдактарам якога я з’яўляюся з 2007 г. Сярод запатрабаваных для настаўнікаў пачатковых класаў новых праектаў часопіса – публікацыі вучоных па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці, майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў з распрацоўкамі ўрокаў па вучэбных прадметах «Чалавек і свет» і «Літаратурнае чытанне», метадычныя рэкамендацыі аўтараў новых падручнікаў і праграм факультатыўных заняткаў. Прыемна адзначыць заўсёды актуальныя матэрыялы выкладчыкаў факультэта пачатковай адукацыі БДПУ, якія супрацоўнічаюць з часопісам на працягу многіх гадоў. Нашы актыўныя аўтары – Н.У. Ждановіч, В.У. Азарка, Н.М. Антановіч, І.А. Буторына, А.С. Васілеўская, В.Г. Качан, Г.Л. Мураўёва, Н.У. Мурашка, А.Г. Сарока, В.І. Свірыдзенка, М.А. Урбан. Шчыры дзякуй, калегі, за публікацыі, якія дапамагаюць настаўнікам павышаць кампетэнтнасць у пытаннях пачатковай адукацыі!

Лёс падарыў мне яшчэ адну магчымасць паглыбіцца ў свет актыўнага студэнцкага жыцця – самой стаць выкладчыкам на родным факультэце. Досвед працы на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства, якую ў тыя гады ўзначальвала Т.Р. Трафімовіч, стаў добрай школай для прафесійнага росту ў галіне методыкі выкладання рускай мовы ў пачатковых класах. Шчаслівая, што дапамагала будучым настаўнікам разгледзець у сабе педагагічны талент, набыць упэўненасць у сваіх сілах, запаліць агеньчык любові да прадмета.

Як і многія выпускнікі, я з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю гады вучобы і ад усёй душы віншую з прафесійным святам сваіх дарагіх калег! Жадаю ўсяму выкладчыцкаму складу здароўя, мудрасці, цярпення і натхнення ў працы! Менавіта вы сваёй руплівасцю закладваеце якасць адукацыі нашай краіны. Няхай тое, што вы аддаяце сваім студэнтам, абавязкова атрымлівае далейшае развіццё ў прафесіяналізме будучых настаўнікаў.

Вольга ЦІРЫНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Акадэміі нацыянальнай адукацыі

«Ёсць веды, якія становяцца часткай цябе»

– Ці можна, ужо скончыўшы ўніверсітэт, усё роўна «працягваць у ім вучыцца»? Упэўнена, што так. Дыплом я атрымала два гады таму, але часам лаўлю сябе на думцы: шмат з таго, што сёння складае мяне як спецыяліста і як чалавека, зарадзілася менавіта там – на гістарычным факультэце БДПУ. Я заўсёды вельмі любіла вучыцца. Па-сапраўднаму. Мне падабалася прыходзіць на пары, разбірацца ў складаных тэмах, задаваць пытанні і шукаць адказы. Сёння, азіраючыся назад, разумею, што шмат у чым гэтая любоў да вучобы з’явілася дзякуючы людзям, якія стаялі перад намі за кафедрай.

Выкладчык рэдка можа прасачыць увесь шлях чалавека, якога некалі вучыў. Заняткі, іспыты, дыплом… і ўчарашні студэнт ідзе далей. Ён становіцца спецыялістам, будуе кар’еру, прымае рашэнні, ужо сам вучыць кагосьці. У гэтым ёсць асаблівая сіла прафесіі педагога: вы ўплываеце не толькі на сённяшні дзень сваіх студэнтаў, а ў нейкім сэнсе ўдзельнічаеце ва ўсім, што яны будуць рабіць у будучыні. Я скончыла ўніверсітэт з вынікам 10,0. Але калі сёння мяне спытаюць, як гэта ўдалося, то не назаву ніводную са сваіх заслуг – я назаву сваіх выкладчыкаў. Бо за кожным высокім балам былі іх веды, патрабавальнасць, падтрымка і вера. Яны не проста начытвалі матэрыял, а вучылі думаць. Не толькі правяралі веды, але і дапамагалі паверыць ва ўласныя сілы. Не планамерна рыхтавалі да іспыту – рыхтавалі да жыцця пасля ўніверсітэта.

Асобна мне хочацца сказаць пра чалавека, якога ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, – І.В. Пугача. У перыяд маёй вучобы ён быў намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце. У Іване Валянцінавічы дзіўным чынам спалучаліся прафесіяналізм, высокая ўнутраная культура, душэўнасць і простая чалавечая ўважлівасць. Гэта педагог, побач з якім заўсёды адчувалася: табе давяраюць, ад цябе чакаюць многага і ў цябе вераць. Некаторыя рэчы, якім нас вучылі ў БДПУ, праз гады нікуды не зніклі. Да гэтага часу ўва мне жывуць веды па метадалогіі гістарычнай навукі. Канспект прафесара А.П. Жытко і сёння магу ўзнавіць практычна на памяць. Ёсць веды, якія становяцца часткай цябе, і, відаць, у гэтым і заключаецца сапраўдны талент выкладчыка.

Сёння я займаю пасаду прэс-сакратара, і кожны дзень мне даводзіцца працаваць са словам: пісаць тэксты, шукаць дакладныя фармулёўкі, рыхтавацца да публічных мерапрыемстваў, выступаць, камунікаваць і знаходзіць паразуменне з рознай аўдыторыяй. І чым далей іду па прафесійным шляху, тым ясней бачу: вельмі многае з таго, што я ўмею сёння, мне калісьці далі мае педагогі. Мае працоўныя дасягненні – у тым ліку і іх заслуга.

Напярэдадні прафесійнага свята хачу не толькі павіншаваць усіх выкладчыкаў БДПУ, але і падзякаваць ім. За веды, якія застаюцца з намі на доўгія гады. За патрабавальнасць, якую мы часам прымалі за строгасць, а потым адчувалі як апору. За словы, якія мы не адразу разумелі, а ўспаміналі ўжо праз гады. І асабліва – за веру ў нас. Таму што часам дастаткова проста пачуць ад чалавека, якога паважаеш і на якога раўняешся, упэўненае «У цябе атрымаецца!». Мне вельмі пашанцавала, бо на гістарычным факультэце такіх выкладчыкаў было шмат. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што люблю сваю прафесію, люблю працаваць са словам, люблю вучыцца новаму і не баюся складаных задач, – у гэтым ёсць часцінка працы кожнага з іх.

Дарагія выкладчыкі, з Днём настаўніка! Няхай вашы студэнты заўсёды будуць тым самым працягам, па якім бачна, наколькі паспяховай была ваша работа. А мы, выпускнікі, праз гады ўсё гэтак жа будзем вяртацца думкамі ва ўніверсітэт і з удзячнасцю ўспамінаць тых, хто аднойчы дапамог нам стаць сабой.

Ганна ШЧАГЛОВА, прэс-сакратар РГА «Белая Русь»


25 чэрвеня 2026 года № 6 (1335)

ТРЫУМФАЛЬНЫ ЗАКЛЮЧНЫ АКОРД СТУДЭНЦТВА

Напрыканцы мая ў БДПУ прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу «Студэнт года». На ёй былі абвешчаны імёны лепшых танкаўцаў у шасці намінацыях: «Вучэбна-прафесійная дзейнасць», «Навукова-даследчая дзейнасць», «Маладзёжнае лідарства», «Валанцёрская дзейнасць», «Мастацка-творчая дзейнасць» і «Спартыўна-аздараўленчая дзейнасць». У ліку трыумфатараў і лаўрэатаў ІІ і ІІІ ступеняў сёлета апынулася пяцёра студэнтаў чацвёртага курса, якія ў хуткім часе разам з дыпломамі атрымаюць статус выпускнікоў, а затым і маладых спецыялістаў. Для іх паспяховы ўдзел у конкурсным спаборніцтве стаў не проста вынікам прадуктыўнага навучальнага года, а завяршальным пераможным акордам, развітальным салютам на фінішы студэнцкага жыцця. З якімі думкамі наша мэтанакіраваная, энергічная моладзь азіраецца на пройдзены шлях, чым ганарыцца, аб чым успамінае, што раіць маладой змене – даведаліся з першых вуснаў.

Сафія Смолікава, пераможца ў намінацыі «Маладзёжнае лідарства»:

– Назваць адну яркую старонку з маёй студэнцкай кнігі – усё роўна што выбраць адну зорку ўначы: кожная свеціць па-свойму, і ўсе разам яны ствараюць бясконца прыгожы ззяючы небасхіл. Мая гісторыя ў БДПУ атрымалася яскравай і насычанай. Кожны год, кожны праект, кожны крок у ёй былі па-свойму важнымі, і ўсе яны прывялі мяне да ключавога моманту – перамогі ў конкурсе «Студэнт года».

Гэтая ўзнагарода – не проста асабістае дасягненне, а адлюстраванне мноства сумесных намаганняў, начных абмеркаванняў і маленькіх перамог, да якіх мы з аднадумцамі і паплечнікамі ішлі разам. Без сумневу, досвед працы ў Студэнцкім савеце БДПУ стаў маім галоўным прафесійным урокам. Там я ўбачыла, як ідэя ператвараецца ў справу: ад першай, часам нясмелай думкі да поўнага сцэнарыя мерапрыемства, ад агучанай ініцыятывы да яе сістэмнай падтрымкі. Студсавет навучыў мяне адказнасці, цярплівасці і павазе да чужога часу і намаганняў – якасцям, якія, пераканана, патрэбны не толькі лідару, але і кожнаму будучаму настаўніку.

Асобнае месца ў маім сэрцы занялі зорныя паходы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Тры гады запар мы выпраўляліся ў іх з атрадам «Максімавы нашчадкі» майго роднага філалагічнага факультэта і кожны раз вярталіся іншымі – з новымі ідэямі, з новымі сябрамі, з новымі песнямі і з тым асаблівым адчуваннем, што разам можам больш. У паходзе нараджаліся тэмы для праектаў, абмяркоўваліся планы мерапрыемстваў, гартаваўся характар і нараджалася тая ўзаемная шчырасць, дзякуючы якой пасля лягчэй увасабляліся вялікія задумы. Менавіта ў гэтых паездках я навучылася шанаваць простыя рэчы: уменне слухаць, чуць, шукаць агульную мову і верыць у сілу каманды.

Хачу сказаць дзякуй усім, хто на гэтым студэнцкім шляху быў са мной побач, верыў, падтрымліваў і ствараў імгненні, якія ператварылі простыя дні ў памяць на ўсё жыццё, – камандзе, кіраўнікам, настаўнікам. Шчырую ўдзячнасць выказваю рэктарату БДПУ за ўсебаковую падтрымку маладзёжных ініцыятыў і веру ў студэнцтва. А тым, хто зараз ідзе па ўніверсітэцкіх калідорах, я жадаю не баяцца спрабаваць і не саромецца памыляцца: менавіта памылкі часта становяцца тым матэрыялам, з якога нараджаецца рост. Я сыходжу, але не развітваюся: БДПУ – гэта дом, у якім закладваюцца арыенціры жыцця, і я буду з цяплом сачыць за тым, як яго традыцыі памнажаюцца новымі ідэямі сённяшніх студэнтаў.


29 мая 2026 года № 5 (1334)

НЯХАЙ ЛЮБАЯ ЦЯЖКАСЦЬ БУДЗЕ СТЫМУЛАМ!

Вучэбны год набліжаецца да завяршэння, а гэта значыць, што веды студэнтаў чакаюць выпрабавання чарговай сесіяй. Бясспрэчна, здача залікаў і экзаменаў дазваляе ацаніць якасць засваення праграмы, узровень валодання атрыманай на занятках інфармацыяй, здольнасць прымяняць набытыя ўменні і навыкі. Аднак сесія – гэта не толькі праверка і кантроль: гэта яшчэ і магчымасць павысіць свій рэйтынг і тым самым адкрыць новыя перспектывы. Так, выдатная паспяховасць – адзін з асноўных крытэрыяў, які дае права студэнтам прэтэндаваць на прызначэнне імянной стыпендыі і нават стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да таго ж высокія вынікі ў вучобе – абавязковая прыступка на шляху тых, хто цікавіцца навукай і хоча расці як даследчык. Пра гэта не па чутках ведае наша сённяшняя гераіня – студэнтка 3-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі Арына МІНІЧ. Упэўнены, што для многіх гісторыя гэтай разумнай, актыўнай і мэтанакіраванай дзяўчыны можа стаць прыкладам і крыніцай натхнення.

– Ва ўніверсітэце надышоў перыяд датэрміновай здачы сесіі, і сёлета я ў ліку іншых танкаўцаў праходжу гэтае традыцыйнае выпрабаванне ў сціслыя тэрміны, каб як найхутчэй накіравацца на працу ў летнік. Ва ўмовах інтэнсіўнага графіка здачы залікаў, іспытаў і курсавой работы для мяне вельмі важна падтрымліваць высокі ўзровень ведаў і статус паспяховай студэнткі. Мне блізкі падыход, пры якім нязменнай мэтай навучання застаецца якаснае засваенне ведаў і ўменняў, неабходных кампетэнцый для далейшай практыкі і прафесійнай дзейнасці. Выдатна, калі вынік гэтай працы адлюстроўваюць адпаведныя адзнакі ў залікоўцы – высокі сярэдні бал адкрывае дадатковыя магчымасці для тых, хто хоча развівацца і дасягаць новых вышынь.

Летась на закрыцці Дэкады студэнцкай навукі я была сведкам таго, як паспяховыя студэнты атрымліваюць пасведчанне аб назначэнні ім стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тады я паабяцала сабе, што ў наступным годзе прарэктар будзе ўручаць такі дакумент і мне. Пра гэтае імкненне даведалася намеснік дырэктара Інстытута па вучэбнай рабоце Ю.В. Строгая, якая пацвердзіла, што ў мяне ёсць магчымасць дасягнуць пастаўленай мэты: з самага пачатку навучання ў БДПУ я выступала на міжнародных канферэнцыях і форумах, перамагала ў конкурсах даследчыкаў, публікавала навуковыя артыкулы, на 2-м курсе стала намеснікам старшыні Студэнцкага навуковага таварыства нашага Інстытута і каардынатарам прафарыентацыйнага сектара студсавета ІІА, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ўніверсітэта.

Гэты спіс трэба было дапоўніць выдатнай паспяховасцю, і я прыклала ўсе намаганні, каб адзнакі ў залікоўцы не падвялі. У гэты ж перыяд яшчэ больш стала цікавіцца псіхалогіяй паводзін, што ў наступным крута змяніла маё жыццё: пасля паспяховага праходжання стажыроўкі я ўладкавалася на працу спецыялістам па рабоце з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра ў Цэнтр падтрымкі дзяцей з аўтызмам. І ў выніку план спрацаваў – гэтай зімой мне была назначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь!

Сёлета я даведалася пра ўмовы конкурсу «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць», і ў маім жыцці пачаўся новы этап: з энтузіязмам прынялася запаўняць заяўку на ўдзел і прадумваць, з якой працай буду выступаць. Каласальную падтрымку ў падрыхтоўцы да такога важнага і маштабнага конкурсу мне аказала навуковы кіраўнік, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Н.В. Чурыла. Разам мы працавалі над конкурснай работай, праводзілі нейрапсіхалагічную дыягностыку дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра і стваралі адпаведны нейрапсіхалагічны профіль. Я захапілася тэмай, таму падчас выступлення ў межах Дэкады прадстаўляла даклад «Нейрапсіхалагічны профіль дзіцяці з РАС» упэўнена, ёміста, з прыкладамі, жаданнем падзяліцца сваім досведам і данесці саму сутнасць, каштоўнасць і перспектывы даследавання. Дарэчы, якраз на закрыцці сёлетняй Дэкады студэнцкай навукі, як я і марыла, прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Г.М. Юсцінская ўручыла мне пасведчанне стыпендыята спецыяльнага фонду.

Мне падабаецца вучыцца, развівацца, займацца даследчай дзейнасцю. На разнастайных конкурсах і канферэнцыях можна даведацца шмат новага, зразумець, у якіх кірунках развіваецца сучасная навука, якія ідэі транслююцца і як іх можна рэалізаваць. Да таго ж гэта выдатная магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіях, падзяліцца ўласным досведам, адчуць драйв ад выступлення, а затым – радасць ад вынікаў сваёй працы і натхненне на новыя здзяйсненні. Спадзяюся яшчэ не раз пражыць гэтыя яркія эмоцыі!

Жадаем Арыне поспехаў і новых адкрыццяў на абраным шляху, а ўсім, каго чакае выпрабаванне летняй экзаменацыйнай сесіяй, раім сабрацца з сіламі і здаць іспыты на «выдатна»!


31 сакавіка 2026 года № 3 (1332)

УЛАДЗІСЛАВА СКАПА: «ТЫТУЛЫ ЗАБЫВАЮЦЦА, А ІМЁНЫ – НІКОЛІ»

Напрыканцы лютага ў сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў прайшоў заключны этап рэспубліканскага праекта «Студэнт года», арганізаванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Сярод фіналістаў – паспяховых у вучобе, навуцы, спорце, творчай і грамадскай дзейнасці хлопцаў і дзяўчат з усёй краіны – трэцякурсніца філалагічнага факультэта БДПУ Уладзіслава СКАПА. Яе імя ўжо неаднойчы з’яўлялася на старонках СМІ: за гады навучання Уладзіслава праявіла сябе як паспяховая, актыўная, таленавітая студэнтка і ўсебакова развітая асоба, чые дасягненні ведаюць не толькі ў alma mater, але і за яе межамі. У іх ліку – удзел і перамогі ва ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах. Пра атрыманы досвед і планы на будучыню, пра стаўленне да творчых спаборніцтваў і іх ролю ў асобасным і прафесійным развіцці будучых педагогаў дзяўчына расказала карэспандэнту «Н».

«За час навучання ва ўніверсітэце мне давялося прыняць удзел у некалькіх значных праектах. Цікава, што ўсё пачалося са шчаслівай выпадковасці, – дзеліцца Уладзіслава. – На конкурс ”Міс БДПУ“ (2024), карону якога я ў выніку атрымала, патрапіла спантанна і не думала, што ўсё зойдзе так далёка. Шчыра сказаць, не была нават упэўнена, што прайду кастынг, тым больш не чакала перамогі. Але дзякуючы падтрымцы блізкіх усё ж наважылася паспрабаваць, і менавіта гэтае рашэнне стала адпраўным пунктам: далей пайшлі новыя праекты, новыя магчымасці. У той жа год я была адзначана на вядомым у БДПУ конкурсе ”Залаты Джокер“ і не спынілася на дасягнутым: універсітэт дапамагаў рухацца далей, падтрымліваў і даваў шанц праявіць свае здольнасці на больш высокім узроўні. Вельмі хацелася годна прадставіць сваю alma mater, свой факультэт, сябе, і гэта было галоўнай матывацыяй».

Значнымі падзеямі для нашай гераіні сталі ў 2025 г. фінал конкурсу таленту, інтэлекту і прыгажосці «Міс і Містар Студэнцтва г. Мінска», а затым і рэспубліканскі этап «Студэнта года»:

– Удзел у гэтым праекце – лагічны працяг майго конкурснага шляху. Да фіналу я ішла паступова, крок за крокам, і апошні з іх аказаўся вельмі кароткім: на падрыхтоўку было ўсяго тры дні. Гэта сапраўды вельмі мала, але менавіта ў такіх умовах ты правяраеш сябе. Атрыманы досвед стаў для мяне важным доказам таго, што нават у абмежаваныя тэрміны я магу сабрацца, мабілізавацца і паказаць годны вынік. Акрамя таго, удзел у праекце яшчэ раз паказаў, наколькі моцная каманда знаходзіцца побач. Я ўпэўнілася, што побач са мной ёсць людзі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць. І, мабыць, менавіта гэтае адчуванне сяброўскага пляча стала для мяне самым каштоўным вынікам конкурсу.

Узаемная шчырасць, надзейнасць і добрасардэчнасць у стасунках з людзьмі – адзін з жыццёвых прыярытэтаў Уладзіславы. Разважаючы пра перамогі, узнагароды, новыя магчымасці, дзяўчына ў першую чаргу робіць акцэнт на чалавечых узаемаадносінах: «Адзначу невідавочны, але вельмі важны момант: такія праекты паказваюць, хто сапраўды побач з табой. Самае каштоўнае, што застаецца, калі апускаецца заслона, – гэта людзі. З часам разумееш, што тытулы забываюцца, а імёны – ніколі. Цяпер я выразна бачу важны плюс удзелу ў падобных мерапрыемствах для мяне: гэта каманда, якая дапамагае нават у самыя складаныя моманты і падтрымлівае ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца», – пераканана дзяўчына.

Аналізуючы вопыт свайго конкурснага жыцця, Уладзіслава адзначае, што яе прывабліваюць інтэлектуальна-творчыя спаборніцтвы. Яны даюць магчымасць удзельнікам раскрыцца: праз візітоўку можна расказаць пра сябе, праз творчы нумар – данесці да гледачоў важную думку, заявіць пра свае каштоўнасці, паказаць, чым ты жывеш. Пры гэтым дзяўчына не ўспрымае такія праекты як саперніцтва ў звыклым сэнсе слова.

– Для мяне гэта не барацьба аднаго з адным, а агульны шлях, які вы праходзіце разам, апынуўшыся ў асаблівых абставінах. Праекты такога кшталту аб’ядноўваюць людзей, якія маюць многа агульнага ў характары і жыццёвых поглядах. Падрыхтоўка забірае многа сіл: шматзадачнасць, начныя рэпетыцыі, выпадковыя перакусы, недахоп часу на прывычныя заняткі, сон, адпачынак вельмі стамляюць. Але гэтыя складанасці і нязручнасці кампенсуюцца зносінамі з творчымі людзьмі. Калі знаходзішся ў асяроддзі тых, хто гарыць сваёй справай, хто перажывае за вынік гэтак жа, як і ты, з’яўляецца асаблівая атмасфера, якая дае сілы рухацца далей.

Студэнцкае жыццё Уладзіславы Скапы вельмі насычанае: яна атрымлівае спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)», займаецца танцамі, з’яўляецца актывісткай БРСМ і Студэнцкага савета БДПУ – на яе ўскладзены абавязкі каардынатара па сувязях з грамадскасцю. Балансаваць паміж вучобай, творчасцю і грамадскай дзейнасцю дапамагае і адміністрацыя факультэта.

– Мае колішнія думкі аб студэнцтве цалкам супалі з рэальнасцю, я задаволена ўзроўнем ад укацыі і тымі магчымасцямі, якія дае БДПУ. Заўсёды ўяўляла гэты жыццёвы этап менавіта такім: насычаным, актыўным, недзе складаным, але вельмі цікавым. Калі ў цябе амаль няма вольнага часу, але пры гэтым ты адчуваеш радасць ад таго, што робіш, – гэта і ёсць сапраўднае студэнцкае жыццё.

Мой выбар прафесіі быў свядомым. Любоў да літаратуры з’явілася дзякуючы школьнаму настаўніку, і вельмі прыемна, што ва ўніверсітэце гэта захапленне толькі ўзмацнілася. Асабліва каштоўна, калі на занятках ты адкрываеш ужо вядомы мастацкі твор па-новаму, бачыш глыбіню, якую раней не заўважаў. Ну а маё жаданне вывучаць дадатковую замежную мову супала з папулярнасцю і запатрабаванасцю кітайскай – у выніку я засвойваю новыя веды з вялікай цікавасцю і імкнуся да добрых вынікаў.

Вельмі цаню, што выкладчыкі з разуменнем ставяцца да ўдзелу ў сур’ёзных праектах, ідуць насустрач і дапамагаюць, калі гэта сапраўды важна. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца магчымасць не толькі прысвячаць час навучанню, але і развівацца ў творчасці, якой маё жыццё напоўнена з самага дзяцінства. Я займалася танцамі, вучылася ў тэатральнай школе і дзевяць гадоў іграла на саксафоне. Мусіць, таму сцэна з часам стала для мяне месцам, дзе можна быць сабой. Праз творчасць мне лягчэй за ўсё выказваць свае думкі і пачуцці – часам словамі, часам музыкай, а часам проста рухамі. Цяпер асаблівае месца ў маім жыцці займае танец, менавіта праз яго я пражываю эмоцыі і дзялюся імі з гледачом.

Вядома, мне хочацца стаць добрым спецыялістам, годным прадстаўніком сваёй прафесіі. На маю думку, пазавучэбнае жыццё адыгрывае выключна важную ролю ў падрыхтоўцы будучага педагога. Удзел у конкурсах, выступленні на сцэне, абарона праектаў – усё гэта развівае, пашырае кругагляд, вучыць упэўнена трымацца перад вялікай аўдыторыяй, весці людзей за сабой. На ўласным прыкладзе бачу, якія сур’ёзныя змены адбыліся ўва мне за гады вучобы ў БДПУ. Калі параўнаць мяне ў 11-м класе і цяпер, на 3-м курсе, то гэта два розныя чалавекі. Я стала больш упэўненай, спакойнай, мне значна лягчэй будаваць зносіны, даводзіць сваю думку, браць на сябе адказнасць. І гэты досвед абавязкова спатрэбіцца ў школе, бо менавіта дзякуючы яму ў многім фарміруецца асоба педагога, які можа стаць для дзяцей прыкладам. Настаўнік – гэта чалавек, які вядзе за сабой, які фарміруе цікавасць да прадмета, прывівае каштоўнасці і дапамагае вучням паверыць у сябе. Таму мне важна не падвесці ні сваіх выкладчыкаў, ні ўніверсітэт, ні дзяцей, з якімі буду працаваць. Я хачу быць педагогам, які не толькі вучыць, але і натхняе.


27 лютага 2026 года № 2 (1331)

НЕСЦІ Ў СВЕТ ПРЫГАЖОСЦЬ, ДАБРЫНЮ, МІЛАСЭРНАСЦЬ

Гераінямі тэматычных матэрыялаў «Н» не раз станавіліся прадстаўніцы прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ, якія паўставалі перад намі як асобы, адданыя педагагічнай ніве, паспяховыя ў навуковай дзейнасці, захопленыя творчасцю і мастацтвам. Не стамляешся здзіўляцца іх энергічнасці, дасведчанасці, шырокаму кругагляду і імкненню несці ў свет хараство – як знешняе, заснаванае на эстэтычным успрыманні наваколля, так і ўнутранае, душэўнае, на якім грунтуюцца дабрыня і чалавечнасць. Падчас падрыхтоўкі сённяшняй падборкі, прымеркаванай да надыходзячага Дня жанчын, якому сёлета можна смела надаць статус «свята ў квадраце», рэдакцыя «Н» у чарговы раз пераканалася: асабістая захопленасць любімай справай – магутны фактар выхавання, бо раўняцца заўжды хочацца на лепшых – прыгожых у прафесіі, хобі і жыцці. 

 

Стыль жыцця – дабрачынная дзейнасць

Старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Аляксандра Іванаўна МАЛIНОК-БАЧЫШЧА звязала свой прафесійны шлях са сферай дзейнасці, якую вобразна называюць лячэннем чалавечых душ. Аднак часта дапамога і падтрымка бліжніх патрабуюць не спецыяльных ведаў і ўменняў, а шчырай спагады, якая ідзе ад сэрца. Прыслухаўшыся да яго,

яшчэ ў студэнцкія гады Аляксандра Іванаўна прыйшла ў валанцёрства – і гэтая справа захапіла надоўга і ўсур’ёз. Слухаючы разважанні нашай гераіні пра радасці і цяжкасці дабрачыннай дзейнасці, разумееш, што дабрыня – таксама талент.

– Мяне заўсёды захаплялі аповеды пра жыццёвы шлях людзей, якія спраўляліся з выпрабаваннямі насуперак абставінам. За кожнай такой гісторыяй стаяў рэсурс чалавека: вера ва ўласныя сілы, падтрымка блізкіх, уменне знайсці сэнс у тым, што адбываецца… Відаць, і псіхалогію ў свой час я выбрала якраз таму, што яна дапамагае зразумець, як нараджаецца стойкасць чалавека, якія ўнутраныя рэсурсы яму ў гэтым спрыяюць. Працуючы з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскага клопату, я ўпершыню ўбачыла, як яны праз ненавязлівую прысутнасць валанцёра вучацца зноўку давяраць. Так я ўсвядоміла, што валанцёр можа быць тым самым рэсурсам.

Мой шлях у дабрачыннай дзейнасці пачаўся ў час студэнцтва, калі я ў 2014 г. далучылася да Цэнтра псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям «Твая сям’я». На той момант гэта была цудоўная магчымасць атрымаць практычны вопыт і паспрабаваць сябе ў прафесіі. Надоўга запомніўся выпадак, які адбыўся падчас правядзення трэнінгавых заняткаў на развіццё камунікатыўных навыкаў для дзяцей з замяшчальных сем’яў. У групе была 11-гадовая дзяўчынка Даша, якая загаварыла толькі аднойчы – калі трэба было прадставіцца. У сумесных актыўнасцях яна заставалася пасіўнай і часта глядзела ў падлогу. У наступны раз падчас заняткаў я села побач з ёй і стала маляваць тое ж, што і яна. Праз 10 хвілін практыкаванняў Даша спытала: «А ці можна мне жоўты фламастар?» Гэта быў першы крок дзяўчынкі да наладжвання стасункаў. Побач са мной яна адчула сябе бяспечна і вырашыла, што мне можна давяраць. Прыклад з Дашай паказаў, што для ўсталявання кантакту важны час і неназойлівая прысутнасць побач. Тады дзіця само пойдзе насустрач. Пазней на практыцы аказалася, што гэта працуе і з дарослымі.

Сёння я каардыную дабрачынную дзейнасць студэнтаў у Інстытуце псіхалогіі, якая прадстаўлена работай двух валанцёрскіх аб’яднанняў: клуба «Арыён» і цэнтра «Твая сям’я». Напрамкі іх працы ўвесь час пашыраюцца. «Арыён» займаецца правядзеннем псіхалагічных сустрэч для пажылых людзей і інвалідаў, а таксама дапамагае з доглядам і выгулам гадаванцаў прытулкаў для бяздомных жывёл. Валанцёры цэнтра задзейнічаны ў арганізацыі псіхалагічных трэнінгаў і асветніцкіх мерапрыемстваў для замяшчальных сем’яў (бацькоў і дзяцей), а таксама ў правядзенні псіхалагічных заняткаў для падлеткаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу ў рамках «Школы цукровага дыябету». Гэтыя напрамкі з’явіліся і развіваюцца дзякуючы ініцыятывам апантаных студэнтаў, якія жадаюць не толькі атрымліваць веды, але і прымяняць іх на справе.

Мая праца заключаецца ў арганізацыі і суправаджэнні дзейнасці валанцёраў, многія з якіх робяць толькі першыя крокі ў гэтай сферы. Каб адсутнасць ведаў не спалохала пачаткоўцаў, я іх рыхтую да знаёмства з падапечнымі, імкнуся перасцерагчы ад магчымых памылак. У гэтым мне дапамагаюць больш вопытныя студэнты – куратары асобных напрамкаў нашых валанцёрскіх аб’яднанняў. Мы ўсе разам імкнёмся стварыць умовы, дзе памылкі навічкоў – не нагода для засмучэння, а важны этап навучання. Таму цяжкасці, якія ўзнікаюць у працы, абмяркоўваем разам і разам знаходзім шляхі іх пераадолення. Таксама ў гэтай справе мы адчуваем падтрымку выкладчыкаў Інстытута псіхалогіі, якія заўсёды ахвотна дзеляцца сваімі ведамі.

Многія студэнты становяцца валанцёрамі, бо разумеюць, што робяць нешта важнае і значнае не толькі для іншых, але, як бы парадаксальна гэта ні гучала, для саміх сябе. У дабрачыннай дзейнасці яны рэалізуюць сваё жаданне палепшыць жыццё людзей, быць патрэбнымі. Дзякуючы набытаму практычнаму вопыту і ўключанасці ў групу аднадумцаў яны самі з часам становяцца больш смелымі, актыўнымі, упэўненымі.

Патэнцыял валанцёрскіх фарміраванняў у БДПУ вельмі вялікі. Сёння кожны факультэт/інстытут мае свае клубы і аб’яднанні, якія за гады працы набылі насамрэч унікальны вопыт. Арганізацыя майстар-класаў ці форумаў, падчас якіх валанцёры маглі б падзяліцца досведам, правесці крос-практыкумы і згенерыраваць ідэі сумесных праектаў, дазволіць яшчэ больш узмацніць валанцёрскі рух БДПУ і пашырыць кірункі яго дзейнасці. 

 

Рамяство сакральнай сілы

Захапленне дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта Алены Васільеўны ЕФІМОВІЧ – прыгожае і сапраўды нетрывіяльнае: яно мае вялікую духоўную і мастацкую каштоўнасць.

Калісьці ў даўніну жанчыны вышэйшых саслоўяў маглі дазволіць сабе вышываць ніткамі, зробленымі з золата ці серабра. Працавалі яны, як правіла, для манастыроў і храмаў. Аднак у XVIII ст. гэтае майстэрства было страчана, і толькі ў сярэдзіне ХХ ст. пры рэстаўрацыі старых прац пачалося аднаўленне мастацтва арнаментальнай і абліччавай вышыўкі. Алена Васільеўна з калегамі фактычна стаяла ля вытокаў яго адраджэння ў Беларусі, пра што яна расказала нашым чытачам:

– Цікавасць да гэтага рамяства, відаць, перадалася мне ў спадчыну. Мая прабабуля цудоўна ткала, шыла, вышывала… Я таксама з дзяцінства любіла вышываць, але звычайным крыжыкам ці гладдзю.

У 2006 г. у царкве Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» з’явілася прыхаджанка, якая прапанавала навучыць жадаючых тэхнікам арнаментальнай залотнай і абліччавай вышыўкі. З таго часу вось ужо амаль 20 гадоў я вышываю ў кампаніі сваіх сяброў у Творчай майстэрні «Тавіфа».

Займаюся ў асноўным арнаментальнымі работамі. Гэта ў першую чаргу літургічныя камплекты. У іх уваходзяць вазду́х, два пакраўцы́ і дзве закладкі (для Евангелля і Апостала). Дадзеныя камплекты прызначаны для служэння ў праваслаўнай царкве, таму мы дорым іх у асноўным беларускім парафіям. Найперш – царкве Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», дзе я і займаюся сваім хобі. Увогуле ж арнаментальная вышыўка не абавязкова звязана з рэлігійным ужываннем. Можна аздобіць, напрыклад, вокладку для кнігі, каб затым перадаць яе блізкаму чалавеку. Але, мусіць, з-за таго, што я праўнучка праваслаўнага святара, мне больш звыкла працаваць у Славу Божую. Вышываем мы па блаславенні протаіерэя Ігара Карасцялёва.

Арнамент выбудоўваецца спачатку на міліметровай паперы, затым з дапамогай калькі пераносіцца на тканіну. А далей пачынаецца самы чароўны этап вышыўкі: адбітак выкладваецца жэмчугам, бісерам, стразамі, струнцалам, каніцеллю… Вядома, цяпер не вырабляюць нітак з золата ці серабра, таму мы вышываем металізаванымі ніткамі ў адпаведных колерах.

А вось абліччавая вышыўка – гэта стварэнне ікон вельмі тонкім шоўкам (пачынаючы ад 60-га нумара ніці). Падобныя абразы ў старажытнасці выкарыстоўвалі на харугвах. Гэта вельмі карпатлівая праца, на канчатковы вынік якой уплывае ў тым ліку індывідуальнасць майстра. Да такога занятку я звяртаюся радзей, хоць вышытыя мною іконы ёсць у праваслаўных цэрквах чатырох краін.

У нас не прынята выстаўляць асабістыя працы, таму мы арганізуем сумесныя экспазіцыі. Рэгулярна ў Вялікі пост выстаўкі работ нашых вышывальшчыц праходзяць у прыходзе Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» г. Мінска, а часам у прыходзе Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Тарасава. Там жа праводзім майстар-класы па абшыўцы Велікоднага яйка – асноўнай сувенірнай прадукцыі залаташвачак. Нашы работы выстаўляліся ў г. Бораўску (Калужская вобл., Расія) у рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Царкоўнае шыццё ў сучасным жыцці праваслаўнага храма», двойчы былі прадстаўлены наведвальнікам Цэнтра праваслаўнай культуры.

Мастацтва залотнай арнаментальнай і абліччавай вышыўкі, вядомае са старажытных часоў, аднойчы было страчана. Таму сёння майстрам важна перадаць свае веды і досвед наступным пакаленням. Мы заўсёды чакаем маладых паслядоўнікаў. Так, кіраўнік валанцёрскага клуба «Вясёлка» факультэта эстэтычнай адукацыі С.С. Кулапіна рэгулярна прыводзіць да нас у майстэрню студэнтаў. А яшчэ па ініцыятыве бібліятэкі ўніверсітэта і ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ ў сакавіку мінулага года былі арганізаваны выстаўка нашых работ і майстар-клас па вырабе Велікоднага яйка «Светлы Вялікдзень сустракаем разам!».

Я шчаслівая, што маю дачыненне да адраджэння і развіцця цудоўнага і надзвычай прыгожага мастацтва. 

 

Спорт як дамінанта і каштоўнасць

Гісторыя намесніка дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта фізічнага выхавання Наталлі Уладзіміраўны ШКУЛЕВАЙ – гэта гісторыя пра шматграннасць асобы, пра тое, як спартыўны дух, загартаваны гадамі трэніровак, можа трансфармавацца ў цікавасць да педагогікі. Яе шлях – натхняльны прыклад для многіх. Ён дэманструе, што сапраўднае майстэрства і поспех дасягаюцца праз упартую працу, адданасць і пастаяннае імкненне да развіцця.

Нягледзячы на тое што Наталля Уладзіміраўна вучылася ў школе з музычным ухілам, паралельна яна зацікавілася плаваннем, пачаўшы наведваць адпаведную секцыю. Гэты выбар аказаўся лёсавызначальным. У 1992 г. будучы педагог паспяхова скончыла Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву па аддзяленні плавання, атрымаўшы званне кандыдата ў майстры спорту. А ў студэнцкія гады, падчас навучання ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, зрабіла смелы паварот у кар’еры. На змену плаванню з яго манатоннымі знясільваючымі трэніроўкамі прыйшло воднае пола. У Мінску ў той час фарміравалася першая жаночая каманда па гэтым захапляльным відзе спорту – «Ніка» (галоўны трэнер – В.Р. Ярашэвіч). І Наталля Уладзіміраўна стала часткай гэтага калектыву, уносячы свой уклад у яго развіццё.

Такі пераход ад індывідуальнага плавання да каманднага воднага пола дэманструе гнуткасць і здольнасць адаптавацца да новых выклікаў. А выбар нашай гераіняй педагагічнага шляху пасля актыўнай спартыўнай кар’еры гаворыць пра жаданне дзяліцца сваім вопытам і ведамі з новым пакаленнем. Выкладанне дысцыплін, звязаных з тэорыяй і методыкай фізічнай культуры, дазваляе ёй не толькі перадаваць акадэмічныя веды, але і натхняць студэнтаў сваім прыкладам. Яна ведае, што такое ўпартая праца на трэніроўках, як важна разумець прававыя аспекты спорту і як аздараўленчая фізічная культура можа палепшыць якасць жыцця. Гэтыя веды, падмацаваныя асабістым досведам, робяць яе лекцыі асабліва каштоўнымі і пераканаўчымі.

Сказанае вышэй не значыць, што Наталля Уладзіміраўна перайшла з катэгорыі практыкаў у тэарэтыкі. Яна актыўна трэніруецца, падтрымліваючы сваю фізічную форму на найвышэйшым узроўні. З’яўляючыся членам ватэрпольнай каманды «MIXpolo», Наталля Уладзіміраўна працягвае выступаць на міжнародных змешаных і жаночых турнірах катэгорыі «Мастарс», што сведчыць пра яе імкненне да новых вяршынь нават пасля завяршэння прафесійнай кар’еры. Гэта не проста хобі, а выдатны прыклад таго, што ўзрост – не перашкода для заняткаў спортам, а толькі новы этап, дзе цэняцца вопыт і майстэрства.

Гісторыя Н.У. Шкулевай – гэта яшчэ і аповед пра магутную сілу сямейных каштоўнасцей. Дочкі Анастасія і Ангеліна пайшлі па слядах маці: Анастасія дасягнула звання майстра спорту міжнароднага класа па сінхронным плаванні, а Ангеліна з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па трыятлоне. Поспехі дачок – адлюстраванне той жа мэтанакіраванасці і працавітасці, якія ўласцівыя самой Наталлі Уладзіміраўне.

Вось так у біяграфіі нашай гераіні перапляліся спорт, педагогіка і сям’я, стварыўшы ўнікальны і натхняльны жыццёвы шлях. Ён паказвае, што можна паспяхова спалучаць розныя сферы дзейнасці, застаючыся вернай сваім захапленням і каштоўнасцям.


21 студзеня 2026 года № 1 (1330)

ВОПЫТ, ШТО ПРЫВОДЗІЦЬ ДА НАВУКІ

Пераемнасць, бесперапыннасць, трывалая сувязь з вырашэннем надзённых праблем педагагічнай практыкі – вось тры кіты, якія забяспечваюць эфектыўнасць падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў БДПУ. Ва ўніверсітэце сёння дзейнічаюць 5 саветаў па абароне дысертацый, у якія звяртаюцца саіскальнікі з alma mater і з іншых устаноў рэспублікі. Так, у мінулым годзе адбылося 13 абарон, з іх супрацоўнікамі БДПУ – 7. У іх ліку – старшы выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Н.У. МУРАШКА. Прыклад Наталлі Уладзіміраўны пераконвае, што часам шлях у вялікую навуку можа быць доўгім, але непазбежным: да яе вядзе сам вопыт – як прафесійны, так і жыццёвы.

– Пасля паспяховага заканчэння факультэта народнай культуры БДПУ (сёння – факультэт эстэтычнай адукацыі) па спецыяльнасці «Сусветная і айчынная культура, фальклорнае мастацтва» я зусім не думала пра навуку, таму што заўсёды марыла быць настаўніцай. Усё склалася: любімая праца, урокі, вучні… Аднак была адна асаблівасць: па размеркаванні я трапіла не ў звычайную ўстанову, а на эксперыментальную інавацыйную беларускамоўную пляцоўку «Этнашкола» (ДУА «Сеніцкая сярэдняя школа № 1 імя Янкі Купалы»). Там панавала своеасаблівая атмасфера: пастаноўка нетыповых задач, пошук шляхоў іх вырашэння праз апрабацыю новых педагагічных падыходаў, сумесная творчасць, цеснае ўзаемадзеянне маладых і вопытных настаўнікаў. З часам жыццё ўнесла свае карэктывы: у мяне з’явіліся прыкметы стомленасці і творчага выгарання. Выйсце я знайшла ў змене сферы дзейнасці.

Сям’я, дзеці, новыя захапленні – усё гэта стварае ілюзію руху наперад, але, паводле законаў філасофіі, усё ж вядзе па спіралі, актывуючы ранейшыя каштоўнасці ў рамках больш складанай сістэмы. Трыгерам майго вяртання ў адукацыю стала сітуацыя, калі ў сына і яго аднакласнікаў, на той момант навучэнцаў пачатковай школы, узніклі сумненні ў мэтазгоднасці вывучэння некаторых прадметаў. Гэта прымусіла мяне як настаўніка задумацца: чаму вучні зараз задаюць пытанні, якіх не было ў маёй ранейшай практыцы? Як знайсці аргументы, каб пераканаць дзіця? Пошук спосабаў вырашэння гэтых задач зноў прывёў мяне ў студэнцкія аўдыторыі.

Вучоба ў ІПКіП БДПУ (спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя») дала мне магчымасць прааналізаваць уласны педагагічны вопыт і дазволіла ўбачыць тую самую прычыну дзіцячых сумненняў, якая і стала прадметам майго навуковага пошуку. Паспяховая абарона дыпломнай работы ўпершыню прымусіла паверыць у свае сілы і задумацца аб працягу распачатай працы. Далей было навучанне ў магістратуры і абарона дысертацыі пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук, дацэнта А.С. Шылавай, якая стала маім правадніком у свет навукі.

Паралельна з вучобай я вярнулася ў школу і падчас працы настаўнікам пачатковых класаў зразумела, што даследуемая праблема на практыцы патрабуе больш дэталёвага асэнсавання і нестандартнага комплекснага падыходу. Так мой жыццёвы шлях прывёў мяне ў аспірантуру, дзе пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук, дацэнта І.А. Турчанка мы працягнулі тэарэтычную распрацоўку тэмы развіцця маўлення, звяраючы кожны свой крок з практыкай.

Паспяховы ўдзел у некалькіх навуковых конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню пацвердзіў правільнасць выбранай траекторыі, надаў сіл і матывацыі рухацца далей. Азіраючыся назад, магу сказаць, што да абароны кандыдацкай дысертацыі «Мадэляванне маўленчага адукацыйнага асяроддзя сродкамі фальклору на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі» прывялі не толькі маё ўнутранае жаданне і педагагічны досвед. Гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе, агульнасці поглядаў, веры ў поспех з боку Ірыны Аляксееўны, а таксама натхненню і ўсебаковай падтрымцы Алены Савельеўны. Не магу не адзначыць важкі ўклад у маё прафесійнае станаўленне прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта пачатковай адукацыі і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Вядома ж, акрыляла і тое, што ў маіх сілах былі ўпэўнены калегі, сябры і сям’я.

Сёння я працягваю свой шлях у навуцы, працуючы выкладчыкам на кафедры беларускага і рускага мовазнаўства і паралельна кіруючы народным ансамблем танца, музыкі і песні «Рэй», з якім мяне звязвае доўгая творчая гісторыя. Ці можна лічыць мой прафесійны вопыт поспехам? Меркаваць не мне. Аднак вельмі спадзяюся, што нашы навуковыя здабыткі прынясуць карысць настаўнікам у іх штодзённай педагагічнай працы.