4 кастрычніка – Дзень настаўніка
2 кастрычніка 2026 года № 8 (1337)
НАСТАЎНІКІ ПА ДЫПЛОМЕ, ЛІДАРЫ ПА ЖЫЦЦІ
Дзень настаўніка, які ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, – асаблівая дата для ўсяго калектыву БДПУ. У адрас выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, а таксама выпускнікоў нашага ўніверсітэта прыходзяць заслужаныя віншаванні, шчырыя кампліменты, цёплыя словы падзякі за самаадданую працу, чуласць, уважлівасць, падтрымку… Аднак ці можа нехта адчуць значэнне гэтага свята так глыбока і аб’ёмна, як той, хто сам некалі выбраў педагагічны шлях? Хто больш за іх здатны ў поўнай меры ацаніць важнасць і неабходнасць гэтай высакароднай прафесіі, хто зможа падабраць самыя кранальныя словы, каб апісаць сваю ўдзячнасць alma mater і людзям, якія спрычыніліся да атрымання профільнай адукацыі? Бясспрэчна, самі прадстаўнікі педагагічнай супольнасці: некалі студэнты, а зараз выпускнікі БДПУ, паспяховыя і запатрабаваныя спецыялісты, людзі, якія не па чутках ведаюць, што быць настаўнікам – вялікая адказнасць і вялікі гонар. Іх разважаннямі напярэдадні свята мы ахвотна дзелімся з чытачамі.
«Асноўным складнікам поспеху была і застаецца якасць атрыманай адукацыі»

– Набліжаецца наша прафесійнае свята – Дзень настаўніка. На маю думку, асноўным складнікам поспеху была і застаецца якасць атрыманай адукацыі. Па яе і ідуць у БДПУ: універсітэт за сваю больш чым 110-гадовую гісторыю даў пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню беларускіх педагогаў, якія валодаюць багатым творчым патэнцыялам і вялікай працавітасцю.
Амаль сорак гадоў маёй прафесійнай дзейнасці звязаны з пачатковай адукацыяй. Прайшоўшы доўгі шлях ад маладога спецыяліста да кандыдата педагагічных навук і аўтара вучэбна-метадычных комплексаў па навучанні грамаце, магу з упэўненасцю сказаць: фундамент майго поспеху ў прафесіі быў закладзены высокім узроўнем вышэйшай адукацыі, атрыманай у гады вучобы на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання МДПІ імя А.М. Горкага (цяпер – факультэт пачатковай адукацыі БДПУ). Дзякуй роднаму факультэту за гэтую трывалую аснову, якая дазваляе кожнаму выпускніку раскрыць свой талент на ніве настаўніцтва.
З першых дзён вучобы я зразумела, што зрабіла правільны выбар. Нашы педагогі не толькі шчодра дзяліліся са студэнтамі сваім багатым вопытам. Яны развівалі ўменне самастойна (без дапамогі інтэрнэту і штучнага інтэлекту, якіх у тыя гады не было) мадэляваць якасныя заняткі па ўсіх вучэбных прадметах, імкненне пастаянна папаўняць свой багаж ведаў, творча прымяняць вядомыя прыёмы навучання і не баяцца эксперыментаваць. Разам мы вучыліся шукаць нестандартныя рашэнні, распрацоўваць творчыя заданні для навучэнцаў, аналізаваць урокі і прапаноўваць свае варыянты іх правядзення. Усе гэтыя навыкі дазволілі мне адчуваць сябе ўпэўнена пры падрыхтоўцы і правядзенні сваіх першых самастойных заняткаў у якасці настаўніка пачатковых класаў. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю выкладчыкаў нашага факультэта: А.І. Андаралу, А.В. Вернікоўскую, С.Ф. Гагарыну, В.М. Данілава, А.А. Сізага і вельмі многіх іншых. Сваім прыкладам яны вучылі нас любіць сваю прафесію, свой прадмет, сваіх вучняў, бачыць і разумець кожнае дзіця.
Самае галоўнае пажаданне нашых выкладчыкаў, засвоенае падчас студэнцтва, – «Настаўнік павінен сам вучыцца ўсё сваё жыццё» – стала маім прафесійным дэвізам. Сапраўдны педагог можа ствараць, прывіваць дзецям любоў да ведаў толькі тады, калі сам увесь час расце і развіваецца. Заўсёды з радасцю выкарыстоўваю любую магчымасць вучыцца – на курсах, семінарах, вэбінарах і, вядома, самастойна. Так, у 2006 г. у БДПУ я абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фарміраванне ўменняў вучэбнай дзейнасці ў малодшых школьнікаў», летась скончыла навучанне ў дактарантуры Акадэміі адукацыі і рыхтую да абароны дысертацыю, прысвечаную навуковай распрацоўцы лінгва-метадычнай сістэмы навучання грамаце.
У гады вучобы ў БДПУ выкладчыкі заклалі яшчэ адну важную звычку – звяртацца да актуальных перыядычных выданняў, чытаць навукова-метадычныя часопісы, каб быць у курсе найноўшых перадавых тэхналогій навучання і выхавання малодшых школьнікаў. Прафесійная перыёдыка – скарбніца інавацыйнага педагагічнага вопыту і найноўшых навуковых дасягненняў. «Быць побач, быць разам, весці за сабой» – дэвіз часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа», галоўным рэдактарам якога я з’яўляюся з 2007 г. Сярод запатрабаваных для настаўнікаў пачатковых класаў новых праектаў часопіса – публікацыі вучоных па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці, майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў з распрацоўкамі ўрокаў па вучэбных прадметах «Чалавек і свет» і «Літаратурнае чытанне», метадычныя рэкамендацыі аўтараў новых падручнікаў і праграм факультатыўных заняткаў. Прыемна адзначыць заўсёды актуальныя матэрыялы выкладчыкаў факультэта пачатковай адукацыі БДПУ, якія супрацоўнічаюць з часопісам на працягу многіх гадоў. Нашы актыўныя аўтары – Н.У. Ждановіч, В.У. Азарка, Н.М. Антановіч, І.А. Буторына, А.С. Васілеўская, В.Г. Качан, Г.Л. Мураўёва, Н.У. Мурашка, А.Г. Сарока, В.І. Свірыдзенка, М.А. Урбан. Шчыры дзякуй, калегі, за публікацыі, якія дапамагаюць настаўнікам павышаць кампетэнтнасць у пытаннях пачатковай адукацыі!
Лёс падарыў мне яшчэ адну магчымасць паглыбіцца ў свет актыўнага студэнцкага жыцця – самой стаць выкладчыкам на родным факультэце. Досвед працы на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства, якую ў тыя гады ўзначальвала Т.Р. Трафімовіч, стаў добрай школай для прафесійнага росту ў галіне методыкі выкладання рускай мовы ў пачатковых класах. Шчаслівая, што дапамагала будучым настаўнікам разгледзець у сабе педагагічны талент, набыць упэўненасць у сваіх сілах, запаліць агеньчык любові да прадмета.
Як і многія выпускнікі, я з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю гады вучобы і ад усёй душы віншую з прафесійным святам сваіх дарагіх калег! Жадаю ўсяму выкладчыцкаму складу здароўя, мудрасці, цярпення і натхнення ў працы! Менавіта вы сваёй руплівасцю закладваеце якасць адукацыі нашай краіны. Няхай тое, што вы аддаяце сваім студэнтам, абавязкова атрымлівае далейшае развіццё ў прафесіяналізме будучых настаўнікаў.
Вольга ЦІРЫНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Акадэміі нацыянальнай адукацыі
«Навучылі нас думаць, шукаць і знаходзіць…»
– Ёсць месцы, якія застаюцца з табой назаўжды. Для мяне адным з такіх памятных жыццёвых прыпынкаў стаў факультэт прыродазнаўства БДПУ. Праз гады лаўлю сябе на думцы: як мне пашанцавала, што некалі я пераступіў менавіта гэты парог. Тут мяне сустрэлі людзі, якія не проста чыталі лекцыі – яны гадавалі з нас спецыялістаў, укладваючы душу ў кожнага. І сёння, напярэдадні Дня настаўніка, я хачу сказаць дзякуй роднай alma mater і роднаму факультэту за тое, што далі мне прафесію, пакліканне і жыццёвы арыенцір.

Асабліва дарагія для мяне ўспаміны пра палявыя практыкі. Калі мы выязджалі вывучаць ландшафты, працавалі з картай і компасам, закладвалі глебавыя шурфы – гэта была не вучоба, гэта была школа жыцця. Нашы выкладчыкі вучылі нас не толькі бачыць гарызонт, а разумець, што за ім. Яны ўклалі ў нас не толькі веды, але і пачуццё адказнасці за тое месца, дзе мы жывём.
Кожнаму з педагогаў – тым, хто чытаў лекцыі, хто прымаў іспыты, хто радаваўся нашым поспехам, хто рабіў з намі першыя крокі ў прафесіі на педагагічнай практыцы і падтрымліваў у цяжкую хвіліну, – я бязмерна ўдзячны. Вы далі нам веды і нешта значна большае: навучылі нас думаць, шукаць і знаходзіць.
Дарагія выкладчыкі, з Днём настаўніка! Здароўя вам, натхнення і вучняў, якія аднойчы вернуцца ў родныя сцены – ужо калегамі – і скажуць вам дзякуй!
Уладзіслаў ЖАЎНЯРОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ліцэя імя Ф.Э. Дзяржынскага БДУ
«БДПУ быў і застаецца тым месцам, дзе знаходзяць сваё прызванне»
– Паважаныя калегі, дарагія выкладчыкі!

Сардэчна віншую вас з Днём настаўніка! Ваша праца асаблівая: вы выхоўваеце не проста спецыялістаў, а будучых педагогаў, тых, хто потым будзе фарміраваць светапогляд і характар новых пакаленняў, ствараць будучыню нашай краіны. Вашыя розум і сэрцы адкрытыя тысячам студэнтаў, і ў кожным з іх акрамя ведаў і ўменняў застаецца часцінка вашай мудрасці, цярпення і душэўнай шчодрасці. Я таксама калісьці была студэнткай БДПУ і да гэтага часу з вялікай цеплынёй успамінаю вашы лекцыі, семінары, практычныя заняткі, вашы парады і тое, як вы ўмелі падтрымаць, калі здавалася, што нічога не атрымліваецца. Сёння я асабліва цаню, што сувязь з універсітэтам не страчана: мы працягваем супрацоўнічаць і разам вырашаем прафесійныя задачы.
Штогод у НДЦ «Зубраня» прыходзяць на працу выпускнікі БДПУ і вельмі хутка становяцца сапраўднымі прафесіяналамі. Да таго ж кожнае лета ў нас выдатна праяўляюць сябе студэнцкія педагагічныя атрады ўніверсітэта. Будучыя настаўнікі развіваюць свае навыкі, падмацоўваюць тэарэтычныя веды на практыцы. А наша сумесная змена «Ад захаплення – да педагагічнай прафесіі» дапамагае навучэнцам профільных класаў па-новаму паглядзець на гэту дзейнасць: не як на далёкую і складаную працу, а як на справу, да якой ляжыць душа. Усё гэта – прамы працяг таго шляху, які вы выбудоўваеце ў сценах універсітэта.
Ад усёй душы віншую вас, дарагія калегі, з прафесійным святам, дзякую за самаадданую працу, за ўменне разгледзець у кожным студэнце патэнцыял, за тую асаблівую атмасферу, якая пануе ў alma mater. Менавіта дзякуючы гэтаму БДПУ быў і застаецца тым месцам, дзе знаходзяць сваё прызванне. Жадаю вам моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, студэнтаў, якія будуць радаваць сваімі поспехамі і ствараць новыя і новыя нагоды для гонару, а дома няхай заўсёды пануюць утульнасць, цяпло і гармонія.
Марына ШЛЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце НДЦ «Зубраня»
«Ёсць веды, якія становяцца часткай цябе»
– Ці можна, ужо скончыўшы ўніверсітэт, усё роўна «працягваць у ім вучыцца»? Упэўнена, што так. Дыплом я атрымала два гады таму, але часам лаўлю сябе на думцы: шмат з таго, што сёння складае мяне як спецыяліста і як чалавека, зарадзілася менавіта там – на гістарычным факультэце БДПУ. Я заўсёды вельмі любіла вучыцца. Па-сапраўднаму. Мне падабалася прыходзіць на пары, разбірацца ў складаных тэмах, задаваць пытанні і шукаць адказы. Сёння, азіраючыся назад, разумею, што шмат у чым гэтая любоў да вучобы з’явілася дзякуючы людзям, якія стаялі перад намі за кафедрай.
Выкладчык рэдка можа прасачыць увесь шлях чалавека, якога некалі вучыў. Заняткі, іспыты, дыплом… і ўчарашні студэнт ідзе далей. Ён становіцца спецыялістам, будуе кар’еру, прымае рашэнні, ужо сам вучыць кагосьці. У гэтым ёсць асаблівая сіла прафесіі педагога: вы ўплываеце не толькі на сённяшні дзень сваіх студэнтаў, а ў нейкім сэнсе ўдзельнічаеце ва ўсім, што яны будуць рабіць у будучыні. Я скончыла ўніверсітэт з вынікам 10,0. Але калі сёння мяне спытаюць, як гэта ўдалося, то не назаву ніводную са сваіх заслуг – я назаву сваіх выкладчыкаў. Бо за кожным высокім балам былі іх веды, патрабавальнасць, падтрымка і вера. Яны не проста начытвалі матэрыял, а вучылі думаць. Не толькі правяралі веды, але і дапамагалі паверыць ва ўласныя сілы. Не планамерна рыхтавалі да іспыту – рыхтавалі да жыцця пасля ўніверсітэта.
Асобна мне хочацца сказаць пра чалавека, якога ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, – І.В. Пугача. У перыяд маёй вучобы ён быў намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце. У Іване Валянцінавічы дзіўным чынам спалучаліся прафесіяналізм, высокая ўнутраная культура, душэўнасць і простая чалавечая ўважлівасць. Гэта педагог, побач з якім заўсёды адчувалася: табе давяраюць, ад цябе чакаюць многага і ў цябе вераць. Некаторыя рэчы, якім нас вучылі ў БДПУ, праз гады нікуды не зніклі. Да гэтага часу ўва мне жывуць веды па метадалогіі гістарычнай навукі. Канспект прафесара А.П. Жытко і сёння магу ўзнавіць практычна на памяць. Ёсць веды, якія становяцца часткай цябе, і, відаць, у гэтым і заключаецца сапраўдны талент выкладчыка.

Сёння я займаю пасаду прэс-сакратара, і кожны дзень мне даводзіцца працаваць са словам: пісаць тэксты, шукаць дакладныя фармулёўкі, рыхтавацца да публічных мерапрыемстваў, выступаць, камунікаваць і знаходзіць паразуменне з рознай аўдыторыяй. І чым далей іду па прафесійным шляху, тым ясней бачу: вельмі многае з таго, што я ўмею сёння, мне калісьці далі мае педагогі. Мае працоўныя дасягненні – у тым ліку і іх заслуга.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу не толькі павіншаваць усіх выкладчыкаў БДПУ, але і падзякаваць ім. За веды, якія застаюцца з намі на доўгія гады. За патрабавальнасць, якую мы часам прымалі за строгасць, а потым адчувалі як апору. За словы, якія мы не адразу разумелі, а ўспаміналі ўжо праз гады. І асабліва – за веру ў нас. Таму што часам дастаткова проста пачуць ад чалавека, якога паважаеш і на якога раўняешся, упэўненае «У цябе атрымаецца!». Мне вельмі пашанцавала, бо на гістарычным факультэце такіх выкладчыкаў было шмат. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што люблю сваю прафесію, люблю працаваць са словам, люблю вучыцца новаму і не баюся складаных задач, – у гэтым ёсць часцінка працы кожнага з іх.
Дарагія выкладчыкі, з Днём настаўніка! Няхай вашы студэнты заўсёды будуць тым самым працягам, па якім бачна, наколькі паспяховай была ваша работа. А мы, выпускнікі, праз гады ўсё гэтак жа будзем вяртацца думкамі ва ўніверсітэт і з удзячнасцю ўспамінаць тых, хто аднойчы дапамог нам стаць сабой.