17 верасня — Дзень народнага адзiнства
2 кастрычніка 2026 года № 8 (1337)
СВЯТА, ШТО ЯДНАЕ ПАКАЛЕННІ
Дзень народнага адзінства – гэта маладое свята з глыбокімі каранямі, пра якія сёння як ніколі важна памятаць усім пакаленням беларусаў. Яно стала ўвасабленнем нацыянальнай годнасці, гістарычнай справядлівасці, знітаванасці беларускага народа. Традыцыйна да знамянальнай даты было прымеркавана правядзенне маштабнай грамадска-палітычнай акцыі «Беларусь адзіная», кульмінацыяй якой стаў Рэспубліканскі форум «Моладзь. Беларусь. Будучае» з удзелам Прэзідэнта нашай дзяржавы А.Р. Лукашэнкі. Прысутнічаў на гэтым знакавым мерапрыемстве і рэктар БДПУ А.І. Жук, а таксама 35 студэнтаў-валанцёраў нашага ўніверсітэта.
Увогуле ж прадстаўнікі alma mater – будучыя і сённяшнія педагогі – не толькі далучыліся да святочных мерапрыемстваў, але і самі выступілі ініцыятарамі некаторых з іх. На ўсіх факультэтах і ў інстытутах універсітэта прайшлі дыялогавыя пляцоўкі, адукацыйна-асветніцкія сустрэчы, канцэртныя праграмы.

Адным з першых святочных мерапрыемстваў стала ўрачыстае адкрыццё ў БДПУ 9 верасня праекта «Асобы памяці». Ён рэалізуецца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках Рэспубліканскай грамадска-палітычнай акцыі «Беларусь адзіная». Падчас урачыстага мітынгу яго ўдзельнікі ўшанавалі памяць выбітнага беларускага дзяржаўнага дзеяча, народнага паэта БССР, актыўнага ўдзельніка барацьбы за ўз’яднанне Беларусі ў гады польскай акупацыі Максіма Танка і ўсклалі кветкі да бюста пісьменніка.
У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.А. Марзалюк. Ён адзначыў: «Гісторыя заўсёды персаніфікавана, бо тыя ці іншыя падзеі ствараюцца людзьмі. Сёння, напярэдадні Дня народнага адзінства, мы з удзячнасцю ўзгадваем вялікіх беларусаў, якія зрабілі ўсё магчымае, каб мяжа, што падзяляла краіну, знікла назаўсёды».
Рэктар БДПУ А.І. Жук звярнуў увагу прысутных на глыбокія гістарычныя паралелі і сімвалічнасць дат: «Адметна, што Максім Танк, імя якога носіць наш універсітэт, нарадзіўся 17 верасня. Маладосць паэта прайшла ў Заходняй Беларусі. З юнацкіх гадоў ён удзельнічаў у падпольнай барацьбе за ўз’яднанне Радзімы, быў двойчы арыштаваны. І свой дзень нараджэння ў пераможным трыццаць дзявятым годзе сустрэў як дзень здзяйснення мары пра адзінства беларусаў. Сёння мы ясна ўсведамляем, што 17 верасня 1939 г. – гэта не проста старонка гісторыі. Гэта яшчэ і наша агульная адказнасць за будучыню роднай Беларусі».

У гэты ж дзень падчас дыялогавай пляцоўкі «Адзінства народа – сіла Беларусі!», асноўным спікерам якой выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіч, прайшло абмеркаванне гістарычных аспектаў уз’яднання краіны і іх уплыву на развіццё сучаснай Беларусі. У прыватнасці, Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што падзеі 17 верасня 1939 г. сталі падмуркам Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і дазволілі беларусам сёння жыць пад мірным небам. Напрыканцы выступлення госць падкрэсліў стратэгічную ролю педагога ў фарміраванні будучыні краіны: «Менавіта ад глыбіні гістарычных ведаў і каштоўнасных арыенціраў настаўнікаў залежыць выхаванне наступных пакаленняў грамадзян Беларусі. Педагогі павінны беражліва ставіцца да гістарычных фактаў, не дапускаць іх скажэння. Толькі дакладна разумеючы ключавыя дзяржаўныя арыенціры, яны змогуць правільна, даступна і пераканаўча данесці гэтую праўду да сваіх вучняў».

У рамках правядзення Адзінага дня інфармавання на тэму «Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару» адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы В.В. Даніловіча з прадстаўнікамі працоўнага калектыву БДПУ. У сваім выступленні Вячаслаў Віктаравіч расказаў пра гістарычныя перадумовы ўз’яднання беларускіх зямель, падзеі 1939 г., а таксама падкрэсліў, што 17 верасня – дзень не толькі гістарычнай справядлівасці, але і адзінства народа і дзяржавы.

Напярэдадні дзяржаўнага свята праф-актыў БДПУ прыняў удзел у велапрабегу галіновага прафсаюза «Дарогамі памяці» ў Брэсце. Тэматычнае мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў з усіх абласцей Беларусі.
Непасрэдна ў святочны дзень, 17 верасня, урачыстая атмасфера ў сталіцы адчувалася з самай раніцы. Валанцёры БДПУ далучыліся да акцыі Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» «Код народнага адзінства». На плошчы Незалежнасці яны раздавалі мінчанам і гасцям сталіцы інфармацыйныя брашуры пра Дзень народнага адзінства і тэматычныя падарункі з дзяржаўнай сімволікай.

Адна з валанцёрак, першакурсніца Інстытута псіхалогіі БДПУ Валерыя Пярко, упэўнена, што Дзень народнага адзінства – гэта свята, якое павінен шанаваць кожны беларус. «Без ведання гісторыі ў нас не будзе будучыні», – падкрэсліла дзяўчына, дадаўшы, што для яе вялікі гонар мець магчымасць інфармаваць людзей пра карані дзяржаўнага свята.

У гэты ж дзень жыхары ўсіх куткоў Беларусі пісалі штогадовы рэспубліканскі дыктант. Яго тэкст, прысвечаны тэме патрыятызму, захавання гістарычнай памяці, адзінства нацыі, прадыктаваў вядомы беларускі блогер Андрэй Максімаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 2,5 тыс. танкаўцаў. Першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева так пракаментавала падзею: «У выхаваўчай рабоце мы кіруемся словамі Прэзідэнта аб тым, што выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Таму імкнёмся не дапускаць фармалізму ў рабоце з моладдзю. Трэба, каб будучыя педагогі прапусцілі праз сябе ўсю сутнасць адданасці Радзіме і здолелі ўкласці гэта ў душы дзяцей. Паглядзіце, з якім настроем прыйшлі студэнты для ўдзелу ў дыктанце. Гэта доказ таго, што старэйшае пакаленне можа разлічваць на моладзь. Мы атрымліваем ад яе зваротную сувязь, якая праяўляецца не ў словах, а ў ініцыятывах».
Разам з будучымі педагогамі дыктант пісаў дэкан гістарычнага факультэта БДПУ С.П. Шупляк: «Сёння мы адзначаем свята, якое сімвалізуе гістарычную справядлівасць. Гэты дзень нагадвае ўсім нам пра непарыўную сувязь пакаленняў, пра тое, што без разумення мінулага немагчыма пабудаваць годную будучыню. Сімвалічна, што менавіта ў гэты вераснёўскі дзень мы ўшаноўваем памяць чалавека, чыё імя носіць наш універсітэт. Творчасць Максіма Танка, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, найлепшым чынам адлюстроўвае сутнасць свята: толькі ў адзінстве і павазе адзін да аднаго мы набываем сілу. Удзел у дыктоўцы – гэта не проста праверка пісьменнасці, а даніна павагі нашай гісторыі і культуры, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў».
Першакурснік факультэта прыродазнаўства БДПУ Глеб Палхоўскі пісаў рэспубліканскі дыктант упершыню: «Лічу, што менавіта нам, будучым педагогам, асабліва важна не толькі захоўваць гістарычную памяць, але і перадаваць наступным пакаленням багатую нацыянальную спадчыну – культуру, мову і, самае галоўнае, любоў да роднай зямлі. Рады свайму ўдзелу ў дыктанце і ўпэўнены, што напішу яго добра».
Не засталася ўбаку ад святкавання бібліятэка БДПУ: яе супрацоўнікі падрыхтавалі тэматычную выстаўку «У адзінстве наша сіла», прысвечаную падзеям вызваленчага паходу Чырвонай Арміі і ўз’яднання беларускага народа. У экспазіцыі – кнігі, дакументальныя і архіўныя крыніцы, перыядычныя выданні, якія асвятляюць ключавыя этапы шляху да незалежнасці і дзяржаўнай цэласнасці Беларусі. Пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі можна ў чытальнай зале для навуковых работнікаў (вучэбны корпус № 1, кабінет 372).

P.S. Спецыяльна да Дня народнага адзінства прэс-служба БДПУ падрыхтавала эксклюзіўную серыю электронных паштовак. Кожны падпісчык афіцыйнага тэлеграм-канала ўніверсітэта мог спампаваць паштоўку свайго факультэта або інстытута і павіншаваць дарагіх людзей са святам. Акрамя таго, БДПУ запусціў флэшмоб «Мы – маладая Беларусь!». Да ўдзелу ў ім далучыліся прадстаўнікі шэрагу арганізацый і ўстаноў адукацыі рэспублікі, а ў сацыяльных сетках тэматычныя ролікі сабралі звыш 12 мільёнаў праглядаў! Аўтарам музычнага трэка, пакладзенага ў аснову флэшмобу, з’яўляецца першакурснік фізіка-матэматычнага факультэта нашага ўніверсітэта Сяргей Башмакоў. Захапленне музыкай – толькі адна з граней асобы таленавітага студэнта, а пазнаёміцца з іншымі можна ў матэрыяле, размешчаным ніжэй.
3 кастрычніка 2025 года № 10 (1325)
СІМВАЛ ЗГОДЫ І ЗГУРТАВАНАСЦІ
Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці і нацыянальнага адзінства, якія паслужылі асновай развіцця і ўмацавання суверэннай беларускай дзяржаўнасці.
Дыялогавая пляцоўка «Адзінства народа – сіла Беларусі» была арганізавана ва ўніверсітэце 17 верасня.

Функцыі мадэратара мерапрыемства выканаў метадыст аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, кандыдат гістарычных навук А.В. Давыдоўскі. Першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева, вітаючы прысутных, падкрэсліла значнасць гэтага свята для кожнага беларуса і заклікала студэнтаў захоўваць гістарычную памяць, берагчы нацыянальнае адзінства. Асноўным спікерам мерапрыемства выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіч.

Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што падзеі 17 верасня сталі падмуркам будучай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і нашага сённяшняга жыцця пад мірным небам у моцнай і незалежнай краіне.
У шэрагу святочных падзей узгадаем яшчэ адну дыялогавую пляцоўку – «Беларусь – гэта МЫ», якая прайшла ў рамках Мінскага гарадскога праекта «Актуальны мікрафон».
Пры абмеркаванні тэм «Беларусь – адзіная», «Беларусь – шматканфесійная», «Беларусь – шматгранная», «Беларусь будучыні» студэнты БДПУ далучыліся да адкрытай размовы з лідарамі грамадскай думкі, тэлевядучымі, прадстаўнікамі канфесій. Таксама будучыя педагогі прынялі ўдзел у рабоце маладзёжных інтэрактыўных пляцовак, убачылі выступленне творчых калектываў, прадэгуставалі прадукцыю лепшых айчынных брэндаў.
Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта сталі ўдзельнікамі Усебеларускага патрыятычнага форуму «Адзінства народа ў памяці пакаленняў».
На выстаўцы-прэзентацыі «Вайна. Перамога. Памяць» начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце С.М. Маліноўская прадставіла грамадзянска-патрыятычны праект БДПУ «Інтэрнацыянальны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа».
Напярэдадні свята студэнты і выкладчыкі БДПУ ўжо ў чацвёрты раз далучыліся да напісання Рэспубліканскага дыктанта «Дзень народнага адзінства». Традыцыйна тэкст быў падрыхтаваны на беларускай мове і нагадаў нам пра важнасць яднання краіны, захавання гістарычнай памяці.
Пасля дыктанта ён быў размешчаны на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах, каб удзельнікі змаглі праверыць свае арфаграфічныя навыкі.
Да Дня народнага адзінства быў прымеркаваны і шэраг ініцыятыў галіновага прафсаюза. Гэта мітынг і цырымонія ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой», у якіх прынялі ўдзел актывісты пярвічнай арганізацыі студэнтаў БДПУ на чале з першым прарэктарам універсітэта С.І. Копцевай, велапрабег «Дарогамі памяці», віктарына для будучых настаўнікаў «Наша сіла ў адзінстве».
Да згаданых вышэй мерапрыемстваў дададзім наведванне жыхарамі інтэрнатаў БДПУ дыялогавай пляцоўкі «У адзінстве наша сіла» ў Студэнцкім гарадку ўніверсітэта; знаёмства прадстаўнікоў факультэта дашкольнай адукацыі з кніжнай выстаўкай «17 верасня – Дзень адзінства беларускага народа», арганізаванай у бібліятэцы № 6 г. Мінска;
удзел каманды Інстытута інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліканскіх студэнцкіх днях у Брэсце і іншыя.
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
РАЗАМ ЗАХОЎВАЕМ СПАДЧЫНУ, РАЗАМ ПРАЦУЕМ НА БУДУЧЫНЮ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай захавання гістарычнай памяці, непарыўнасці сувязі пакаленняў, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці.
Адной з першых у шэрагу святочных мерапрыемстваў стала дыялогавая пляцоўка «Адзінства народа – сіла Беларусі». Да размовы далучыліся студэнты 1-га курса і намеснікі дэканаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. У якасці экспертаў выступілі рэктар БДПУ А.І. Жук і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіч. Функцыі мадэратара выканаў аспірант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў БДПУ, метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю А.В. Давыдоўскі.
Павіншаваўшы прысутных з Днём народнага адзінства, Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што гэтае свята з’яўляецца актам гістарычнай справядлівасці і адыгрывае ключавую ролю ў кансалідацыі беларускага народа.
Сяргей Міхайлавіч больш падрабязна спыніўся на гістарычнай значнасці гэтага дня, расказаў пра падзел тэрыторыі Беларусі на падставе Рыжскага мірнага дагавора, палітыку польскіх уладаў у адносінах да жыхароў Заходняй Беларусі. Асобна спікер спыніўся на падзеях 17 верасня 1939 г. і адноўленым адзінстве нашага народа.
Працягваючы тэму, А.І. Жук засяродзіў увагу моладзі на яе ролі ў захаванні і ўмацаванні адзінства беларускай нацыі, а таксама на той працы, якая праводзіцца ў БДПУ па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў. У тым ліку Аляксандр Іванавіч падкрэсліў важнасць ролі настаўніка ў сучасным свеце, бо менавіта ад яго залежыць выхаванне падрастаючага пакалення ў духу сапраўднага патрыятызму.

Завяршылася мерапрыемства віктарынай, па выніках якой два студэнты атрымалі памятныя падарункі ад рэктарата БДПУ і дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Яшчэ адна дыялогавая пляцоўка – «У адзінстве наша сіла» – адбылася на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ. У яе рабоце прыняў удзел дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы А.В. Шастакоў. Мадэратарам сустрэчы выступіла дэкан ФПА Н.У. Ждановіч. Таксама да дыялогу адзінства далучыліся маладыя і таленавітыя акцёры-купалаўцы – Юлія Аўчыніна і Ілья Крук. Асобна госці сустрэчы падкрэслілі важнасць настаўніцкай прафесіі і ролю педагога ў захаванні гістарычнай памяці.

Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі студэнты маглі пагутарыць з акцёрамі, якіх яны ўбачаць на сцэне ўжо ў бліжэйшы час.

Святочны дзень – 17 верасня – завяршыўся ўдзелам прадстаўнікоў БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай у Рэспубліканскім патрыятычным форуме «Калі мы адзіныя», які прайшоў у СК «Мінск-Арэна». У рэалізацыі гэтага ўнікальнага праекта таксама былі задзейнічаны валанцёры з розных факультэтаў і інстытутаў alma mater.

Напярэдадні свята БДПУ ўжо ў трэці раз далучыўся да напісання Рэспубліканскага дыктанта «Дзень народнага адзінства», прамая трансляцыя якога вялася на ўсю краіну. Свае арфаграфічныя навыкі правяралі студэнты і выкладчыкі ўсіх факультэтаў і інстытутаў.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар БДПУ А.І. Жук адзначыў яго маштабнасць і сімвалічнасць. Для напісання быў падрыхтаваны вельмі глыбокі па змесце тэкст. Яго на ўсю краіну агучыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А.А. Стэльмах, якая праводзіць дыктант ужо не першы год. «Наша адзінства – сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць!» Менавіта такімі словамі заканчваецца тэкст, і менавіта гэту думку можна назваць лейтматывам усяго святочнага марафону адзінства.

Да Дня народнага адзінства былі прымеркаваны і іншыя мерапрыемствы: удзел прафсаюзнага актыву БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай у мітынгу і цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой»; велапрабегі «Дарогамі памяці» і «Пад сцягам адзінства і незалежнасці», да якіх далучыліся актывісты БРСМ БДПУ; выступленне хору Gaudeamus факультэта эстэтычнай адукацыі ў канцэртнай праграме Нацыянальнага дзіцячага форуму «Моладзь. Адзінства. Якасць».
20 верасня 2023 года № 9 (1295)
УЧОРА, СЁННЯ, ЗАЎТРА – ТОЛЬКІ РАЗАМ
Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам ад 7 чэрвеня 2021 № 206 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай захавання гістарычнай памяці, непарыўнасці сувязі пакаленняў, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці. Што датычыцца даты – 17 верасня, то яна таксама абрана не выпадкова. У 1939 г. адбылося ўз’яднанне беларускага народа, падзеленага супраць яго волі на падставе Рыжскай мірнай дамовы. Адноўленае адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць сузаснавальніцай ААН.
Адным з першых у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, стала дыялогавая пляцоўка з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіча. Падчас адкрытай размовы, на якой прысутнічалі студэнты першага курса, актыў грамадскіх арганізацый, намеснікі дэканаў па выхаваўчай рабоце, былі абмеркаваны гістарычны аспект і сучасныя рэаліі Дня народнага адзінства, дасягненні суверэннай Беларусі і многія іншыя пытанні. Самыя актыўныя першакурснікі былі ўзнагароджаны сувенірнай прадукцыяй з сімволікай БДПУ.

Студэнты alma mater 13 верасня прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дыктоўцы «Дзень народнага адзінства», якая сімвалізавала яднанне беларусаў, што захоўваюць гістарычную памяць, духоўныя і маральныя каштоўнасці нашага грамадства, ганарацца дасягненнямі краіны і ўносяць свой уклад у яе далейшае развіццё і росквіт.

Другі раз праверыць узровень сваіх ведаў па беларускай мове студэнты і выкладчыкі БДПУ, а таксама школьнікі, супрацоўнікі ўстаноў вышэй- шай адукацыі краіны, усе жадаючыя мелі магчымасць 15 верасня падчас універсітэцкага дыктанта, пры меркаванага да Дня народнага адзінства. Яго тэкст чытаў загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ Д.В. Дзятко, а трансляцыя ажыццяўлялася на афіцыйным YouTube-канале alma mater. Па заканчэнні дыктанта арыгінальны тэкст быў размешчаны на сайце БДПУ для самастойнай праверкі.

Кожны дзень напярэдадні дзяржаўнага свята для будучых і сённяшніх педагогаў быў напоўнены карыснымі мерапрыемствамі, накіраванымі на фарміраванне патрыятызму і высокага пачуцця грамадзян- скага абавязку.
22 верасня 2022 года № 10 (1280)
АДЗІНСТВА ПОГЛЯДАЎ, КАШТОЎНАСЦЕЙ, ІДЭЙ
Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прымалі ўдзел у мерапрыемствах да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана з мэтай захавання гістарычнай спадчыны і пераемнасці пакаленняў. Яго галоўная ідэя заключаецца ва ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці.

13 верасня ў рэжымах анлайн і афлайн прадстаўнікі БДПУ прысутнічалі на адкрытай дыялогавай пляцоўцы «Беларусь адзіная», што прайшла ў рамках аднайменнай рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі на базе ДК «МАЗ».

У гэты ж дзень прадстаўнікі ПА ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ прынялі ўдзел у творчым мерапрыемстве – сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы і гарадскога падраздзялення Саюза. У фармаце дыялогавай пляцоўкі прысутныя абмеркавалі каштоўнасць гістарычнай памяці, неабходнасць папулярызацыі і ўмацавання беларускіх традыцый, самадастатковасці нашага народа, значэнне Дня народнага адзінства для фарміравання патрыятычнай свядомасці падрастаючага пакалення.
14 верасня студэнты і аспіранты БДПУ наведалі Парламент Рэспублікі Беларусь, дзе адбыўся маладзёжны форум «Беларусь памятае». Гісторыкі з усёй краіны сабраліся ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу для таго, каб абмеркаваць падзеі, якія папярэднічалі аб’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі, а таксама сучасныя палітычныя працэсы ў свеце.

15 і 16 верасня студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ наведалі святочныя канцэрты, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак», Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Мінскім гарадскім палацы культуры.
15–17 верасня студэнцкі актыў БДПУ стаў удзельнікам Рэспубліканскіх студэнцкіх дзён у Брэсце «Я Беларусью дорожу: я здесь учусь, я здесь живу».

16 верасня ў БДПУ прайшла дыялогавая пляцоўка, якую арганізавалі сумесна гістарычны факультэт і факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій. У гэты ж дзень будучыя педагогі бралі ўдзел у Беларускім студэнцкім патрыятычным форуме.
17 верасня валанцёры alma mater аказалі дапамогу арганізатарам мерапрыемства, прысвечанага Дню народнага адзінства, на базе ШКСК «Мінск-арэна».